Аліна Коўшык: «Асабліва цяпер, калі ў Беларусі знішчаецца ўсё беларускае, ваш ліцэй – гэта маяк, на які можна раўняцца. Вы паказваеце, як трэба змагацца за сваю культуру, за права быць беларусамі. Ваша праца важная не толькі для вас, але і для ўсіх, хто хоча захаваць нашу мову і традыцыі.
Ад імя Абʼяднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і ад сябе асабіста выказваю вам глыбокую ўдзячнасць за 75 гадоў працы і спадзяюся, што вы і надалей будзеце працягваць гэтую высакародную справу, накіраваную на падтрымку беларускай адукацыі і ідэнтычнасці».
Павел Латушка: «Вы для нас, беларусаў з Беларусі, з’яўляецеся зоркай на шляху беларускасці, якая для мяне як міністра культуры і амбасадара была заўсёды прыкладам стаўлення да захавання нацыянальных каранёў, роднай мовы, культуры, веры. Дзякуй вам за тое, што вы робіце для беларускасці тут, у Польшчы.
Я веру, што калісьці пагранічны пераход Белавежа–Пярэраў (я калісьці адкрываў яго, калі быў амбасадарам) зноў будзе адкрыты. Будуць адкрытыя ўсе пагранічныя пераходы. А, можа, лепш, каб увогуле не было мяжы. Каб палякі маглі свабодна паехаць у Беларусь, а беларусы маглі свабодна прыехаць у Польшчу, у Еўрапейскі саюз».
Павел Латушка і Аліна Коўшык урачыста ўручылі дырэктару Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы Ігару Лукашуку медаль «Гонар і годнасць» за ўнёсак у захаванне і папулярызацыю беларускай мовы. У бібліятэку ліцэя былі перададзеныя кнігі сучасных беларускіх аўтараў.