white-red-white flag Афіцыйная старонка органа дэмакратычных сіл Беларусі

КАНЦЭПЦЫЯ І СТРАТЭГІЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭННЯ І РАЗВІЦЦЯ

28 лістапада 2023 года, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў беларускія ўлады працягваюць палітыку русіфікацыі беларускага грамадства (распачатую яшчэ Расійскай імперыяй) ва ўсіх сферах яго жыццядзейнасці. Мова, літаратура, культура, адукацыя і гістарычная праўда становяцца разменнай манетай у палітычных гульнях «саюзнай дзяржавы». Дзяржаўная ідэалогія вынішчае беларускую ідэнтычнасць, навязвае беларускаму народу чужыя яму стэрэатыпы і культурныя коды. Беларускі народ, тым часам, перажывае самую вялікую дэмаграфічную катастрофу і змушаную эміграцыю. Усё гэта ў сукупнасці падрывае нашу будучыню.

Адказам на гэтыя выклікі мае стаць разумная і паслядоўная палітыка нацыянальнага адраджэння. Нацыянальнае адраджэнне — гэта праграмны працэс, скіраваны не столькі ў мінулае, колькі ў будучыню. Комплекснай мэтай нацыянальнага адраджэння з’яўляецца канчатковае фарміраванне беларускай нацыі як супольнасці з моцнай ідэнтычнасцю і актыўным грамадзянскім дзеяннем, што свабодна сябе рэалізуе на індывідуальным і грамадскім узроўнях у межах незалежнай, нацыянальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай, заможнай дзяржавы Беларусь.

Для дасягнення дадзенай мэты намі былі распрацаваны Канцэпцыя і Стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця. Іх асноўныя задачы:

1. спрыяць узмацненню нацыянальнай ідэнтычнасці і пазбаўленню ад уплыву таталітарнай і імперскай спадчыны;
2. садзейнічаць умацаванню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі;
3. ствараць пазітыўны вобраз краіны Беларусь і яе народа на мясцовым і глабальным узроўнях, а таксама задаць базавы грамадскі ідэал будучыні — «беларускую мару».

Безумоўна, гэты працэс мае таксама вярнуць важныя складнікі беларускай ідэнтычнасці і культуры ў шырокі грамадскі ўжытак — у пэўнай ступені аднавіць традыцыю. Гэта, у сваю чаргу, азначае стварэнне ўмоў для свабоднага і прадуктыўнага развіцця беларускай культуры, вяртання нацыянальных сімвалаў, пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы, папулярызацыі гісторыі, культуры і г. д.

Праграма нацыянальнага адраджэння прадугледжвае таксама імкненне сфармуляваць тое, што можна назваць выразам «нацыянальны мэйнстрым» — тую агульную прызму, праз якую беларусы вызначаюць сваё месца ў гісторыі, ацэньваюць актуальныя і мінулыя падзеі, фарміруюць вобраз будучыні. Гэта можна акрэсліць як пэўны нацыянальны фокус, інтарэс, «нацыянальную мару», якая не зводзіцца да асобнай палітычнай ідэалогіі, а вызначае напрамкі развіцця грамадства на падставе ўласных беларускіх каштоўнасцяў, прынцыпаў, ідэалаў і фундаментальнай павагі да чалавечай свабоды і годнасці.

Мэты і задачы Канцэпцыі і Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця плануецца рэалізаваць у чатыры этапы:

Нулявы этап — падрыхтоўчы — звязаны з дзейнасцю ў перыяд да фактычнай змены рэжыму, дэмакратычнага транзіту ўлады, адмены рэпрэсіўных законаў і практык і вяртання ў Беларусь вымушаных палітычных уцекачоў. Гэты этап прадугледжвае распрацоўку стратэгій, падрыхтоўку кадраў, пошук рэсурсаў і партнёраў, заключэнне доўгатэрміновых дамоў, запуск стратэгічных праектаў.

Першы этап — пераходны — звязаны з дзейнасцю падчас транзіту ўлады ад аўтарытарных палітычных структур да прадэмакратычных (да правядзення першых дэмакратычных выбараў). Гэты этап прадугледжвае перахопліванне функцый, закладанне падмурка для рэалізацыі Канцэпцыі і Стратэгіі нацыянальнага адраджэння, першыя крокі па правядзенні рэформаў у асноўных сферах і па вяртанні ў прававое поле.

Другі этап — асноўны — звязаны з дзейнасцю пасля першых і да другіх дэмакратычных выбараў. Гэты этап прадугледжвае ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў і падыходаў, узмацненне дэмакратычнай супольнасці, рэфармаванне грамадскай, палітычнай, гаспадарчай і культурнай сфер, развіццё мясцовага самакіравання і грамадзянскага актывізму.

Трэці этап — устойлівага развіцця — звязаны з дзейнасцю пасля другіх дэмакратычных выбараў, гэта перыяд замацавання і развіцця асноўных элементаў свабоднага дэмакратычнага палітычнага жыцця ў Беларусі. Гэты этап прадугледжвае замацаванне асноўных мэт і задач нацыянальнага адраджэння і развіцця Беларусі.

Канцэпцыя і Стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця з’яўляецца праграмным дакументам для разгортвання адмысловай палітыкі Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і яго структурнымі падраздзяленнямі. Канчатковая мэта і аб’ём пастаўленых задач відавочна перавышаюць магчымасці асобнага палітычнага суб’екта, таму маюць патрэбу ў падтрымцы шырокага спектра грамадскіх арганізацый, палітычных партый, супольнасцяў і валанцёрскіх рухаў. Мы звяртаемся як да кожнага аб’яднання беларусаў, так і да асобных людзей з заклікам далучацца да рэалізацыі дадзенай Канцэпцыі і Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, знаходзячы для сябе адпаведнае месца і напрамак дзейнасці і гарманізуючы сваю працу з высілкамі астатніх груп.

Поўная версія Канцэпцыi Поўная версія Cтратэгii