white-red-white flag Афіцыйная старонка органа дэмакратычных сіл Беларусі

СТРАТЭГІЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭННЯ І РАЗВІЦЦЯ (ПОЎНАЯ ВЕРСІЯ)

28 лістапада 2023 года, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

Прэамбула

Стратэгія нацыянальнага адраджэння рэалізуецца на аснове адмысловай Канцэпцыі нацыянальнага адраджэння і развіцця, дзе акрэслены яе асноўныя падмуркі, каштоўнасці, прынцыпы, ідэалы, складнікі, інструменты і сферы рэалізацыі, а таксама мэты і задачы нацыянальнага адраджэння.

Яна прадугледжвае стварэнне агульнага плана рэалізацыі Канцэпцыі на аснове вылучэння прыярытэтных задач, канкрэтызацыі кірункаў дзейнасці і інструментаў у залежнасці ад спецыфікі сфер, а таксама прасоўвання па асноўных этапах, стварэнне дарожнай мапы рэалізацыі стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця.

1.Праблемы, што стаяць перад беларускім грамадствам сёння

Апошнія дзесяцігоддзі беларускія ўлады ажыццяўляюць працяг расійскай імперскай і камуністычнай палітыкі па русіфікацыі беларускага грамадства ва ўсіх сферах жыццядзейнасці. Ва ўгоду ўсходняму суседу і праз палітычную гульню ў “саюзную дзяржаву” беларуская мова, гісторыя, літаратура, культура, адукацыя і традыцыі становяцца ахвярамі гэтай палітыкі. Вынішчаецца беларуская ідэнтычнасць і самабытнасць беларускага народа. Праз дзяржаўную ідэалогію яму навязываюцца выгадныя цяперашняй уладзе стэрыятыпы і культурныя коды, якія не маюць нічога агульнага з беларусамі і Беларуссю.

Нельга сказаць, што Беларусь з’яўляецца домам, дзе кожны беларус адчувае сябе годна і ганарыцца сваёй краінай. Сёння беларусы не маюць магчымасці самастойна вырашаць свой лёс, быць у бяспецы, праяўляць ініцыятыву, несці адказнасць за свой выбар. Таму нявызначанасць або адсутнасць стратэгіі адносна пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці на ўзроўні дэмакратычнай і грамадзянскай супольнасці сёння будзе далей працаваць на кансервацыю сітуацыі, грамадства ж застанецца ў стане стагнацыі, як эканамічнай, так палітычнай і культурнай.

Іншай значнай праблемай для беларускага грамадства сёння з’яўляецца навязаная нам ўяўная правінцыйнасць і другаснасць нацыянальнай культуры, мовы і традыцый у параўнанні з культурамі-суседзямі або глабальным культурным мейнстрымам. Гэта таксама вынік шматгадовай імперскай і каланіяльнай палітыкі ў дачыненні да беларускага народа. Таму сёння нам трэба нанова прысабечыць сваю культурную спадчыну, пераасэнсаваць яе і наладзіць новыя творчыя накірункі развіцця, агулам, спрыяльную экасістэму яе існавання, каб заняць сваё пачэснае месца як старажытнай і аўтэнтычнай еўрапейскай культуры на рэгіянальным і глабальным узроўні.

Нарэшце, яшчэ адным важным фактарам той няўдзячнай сітуацыі, у якой Беларусь знаходзіцца сёння, з’яўляецца адсутнасць значнага нацыянальнага праекта развіцця, “нацыянальнай мары”, якая б замацоўвала грамадскі ідэал пабудовы паспяховага ў гаспадарчым і сацыяльна-палітычным сэнсе грамадства, прававой і незалежнай дзяржавы, што мае пазітыўны і добравядомы імідж для іншых краін свету і народаў. Беларусь сёння не з’яўляецца, на жаль, прывабнай “краінай для жыцця” ані для саміх беларусаў, ані для грамадзян іншых краін праз нізкі ўзровень развітасці эканомікі і фінансаў, сацыяльных праектаў абароны, стагнацыю сістэмы адукацыі і аховы здароўя, нізкую прававую культуру і г.д. Правядзенне сістэмных рэформ і забеспячэнне годнага і заможнага падмурка для існавання нацыі ў сваёй краіне - гэта патрабаванне, якое ў розных версіях сацыялагічных апытанняў агучваецца вуснамі саміх беларусаў.

Беларусы хочуць зменаў. Яны хочуць жыць незалежна ў свабоднай дэмакратычнай краіне, і 2020 г. паказаў маштаб гэтага жадання. Пытанні “Хто мы? Чым мы адрозніваемся? У чым наша ўнікальнасць? Што нас яднае? І што робіць нас каштоўнымі?” сталі сапраўдным мэйнстрымам. Беларусы ўжо паказалі і даказалі, што гатовыя быць часткай дэмакратычнага свету. Яны гатовы дзяліцца са светам сваёй каштоўнасцю і ўзбагачаць суседзяў сваёй ўнікальнасцю. Бо мы лічым, што Беларусь – гэта сапраўдны скарб, без якога свет застанецца незавершаным. Праз дадзеную стратэгію мы дамагаемся, каб Беларусь трапіла ў сусветны парадак дня, здолеўшы рэалізаваць асноўныя мэты і задачы нацыянальнага адраджэння і развіцця. Гэта рушанне, што вымагае ад нас аднаўлення свайго гонару, годнасці і дабрабыту. Гэта наш шлях быць роўнымі між роўных у свеце.

2. Стратэгія і тактыка нацыянальнага адраджэння: прыярытэзацыя задач

Пры разгортванні стратэгіі нацыянальнага адраджэння ў часавым вымярэнні пэўная частка задач патрабуе сваёй рэалізацыі на больш ранніх этапах, а частка на больш позніх. Некаторыя з задач прадугледжваюць змену характару і інтэнсіўнасці ўласнай рэалізацыі ў залежнасці ад розных этапаў выканання агульнай стратэгіі. Гэты парадак вызначае іерархію асноўных задач і іх прыярытэтнасць у часавым вымярэнні. Таксама пры захаванні агульнай стратэгічнай мэты нацыянальнага адраджэння на тактычным узроўні яна мусіць распадацца на шэраг прамежкавых або ўздапаможных (тактычных) мэтаў і задач.

Ключавая мэта стратэгіі нацыянальнага адраджэння ў адпаведнасці з яе Канцэпцыяй - гэта канчатковае (у сэнсе дасягнення акрэсленага стану) фармаванне беларускай нацыі як 1) супольнасці з моцнай ідэнтычнасцю (вызначанай сукупнасцю агульных і разнастайных каштоўнасцяў, ідэалаў, сімвалаў, традыцый і нацыянальным мэйнстрымам) і 2) актыўным грамадзянскім дзеяннем (суб’ектнасцю), што 3) свабодна сябе рэалізуе на індывідуальным і грамадскім узроўнях у межах незалежнай, нацыянальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай, заможнай дзяржавы Беларусь як ўвасабленне яе грамадскага ідэала.

У такім выпадку прамежкавымі (тактычнымі) мэтамі рэалізацыі агульнай стратэгіі з уласным колам задач будуць:

1.спрыяць узмацненню нацыянальнай ідэнтычнасці і пазбаўленню ад уплыву таталітарнай і імперскай спадчыны:
• акрэсліць падмуркі канчатковага фармавання моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці праз перагляд і вяртанне да нацыянальных сімвалаў, мовы, традыцыі, гістарычнай памяці і каштоўнасцяў як стратэгіі яе ўмацавання, фармуляванне нацыянальнага мэйнстрыму як оптыкі погляду на мінулае, цяпершчыну і будучыню Беларусі. Задачы:
• папулярызацыя і вяртанне беларускай мовы ў шырокі ўжытак на падрыхтоўчым этапе, дасягненне ў транзітны перыяд рэальнага раўнапраўя беларускай і рускай моваў у грамадскім жыцці і ажыццяўленне комплекснага пераходу да беларускай мовы як агульнанацыйнальнай на наступных этапах пры захаванні права навучання і карыстання роднай мовай для нацыянальных меншасцяў;
• ажыццяўленне перагляду (рэвізіі) і вяртання да нацыянальных сімвалаў, традыцый, неідэалагізаванай версіі гісторыі;
• фармуляванне нацыянальнага мэйнстрыму як оптыкі погляду на мінулае, цяпершчыну і будучыню Беларусі;
• рэалізацыя палітыкі “4Д”: дэкамунізацыі, дэімперыалізацыі, дэідэалагізацыі і дэкаланізацыі ў дачыненні да ўсіх сфер жыццядзейнасці *;

* Пад дэкамунізацыяй тут маецца на ўвазе працэс паступовай адмовы ад савецкай і камуністычнай спадчыны ў тапаніміцы (назвах вуліц, гарадоў і т.п.), камуністычна-таталітарных форм арганізацыі палітычных і грамадскіх практык, рэгламентацыі і заняволення прафсаюзнага руху ці дзейнасці рэлігійных арганізацый і т.п. Дэімперыялізацыя азначае працэс разбурэння імперскіх міфаў пра трыадзінства ўсходнеславянскіх народаў і вядучую ролю Расіі ў іх аб’яднанні, шанаванні герояў і традыцый, якія рэпрэзентуюць гэту спадчыну (напрыклад, сувораўскія вучэльні, бібліятэкі імя А.С. Пушкіна), і т.п. Дэідэалагізацыя азначае стварэнне умоў раўнапраўя любых поглядаў і ідэй на развіццё дзяржавы і грамадства акрамя тых, што абапіраюцца на мову варожасці і гвалту, адсутнасць дзяржаўнага ціску або цэнзуры адносна характару развіцця чалавека і грамадства, адсутнасць мусовай “дзяржаўнай ідэалогіі”, што стварае адзіны дапушчальны стандарт жыцця і мыслення. Нарэшце, дэкаланізацыя прадугледжвае працэс паступовага вяртання нацыі да пазітыўнага і годнага вобразу сябе, пазбаўленага самапрыніжэння і знявагі (“малодшы брат”, “маленькая краіна”, “несамастойная культура”, “недасканалая мова” і т.п.) як выніку доўгага перыяду каланіяльных практык у дачыненні да беларускай ідэнтычнасці і культуры.

• распачаць стварэнне нацыянальнай творчай (эка)сістэмы як сукупнасці ўмоў для прадуктыўнага развіцця і росквіту беларускай культуры, яе ператварэнне ў натуральную і раўнапраўную частку еўрапейскай і сусветнай культуры ў межах глабальнага свету. Задачы:
• распрацоўка комплекса мер (і забяспечэнне іх выканання) у галіне устойлівага развіцця нацыянальнай беларускай культуры, а таксама культурнай спадчыны нацыянальных меншасцяў Беларусі на аснове агульнага бачання супольнай будучыні Беларусі,
• неабходныя захады для падтрымкі сучасных і традыцыйных форм культурнай творчасці, іх папулярызацыі ў краіне і за межамі Беларусі, фармаванне арыгінальнага і яскравага вобраза беларускай культуры на рэгіянальным і глабальным узроўнях;

2. садзейнічаць умацаванню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі як ажыццяўленне “гарызантальнай рэвалюцыі” сістэмы кіравання праз развіццё фарматаў і інструментаў дзеяння грамадзянскай суб’ектнасці і грамадскага актывізму, фасілітацыю ўзрастання гарызантальных сувязяў і лакальных супольнасцяў, мясцовага самакіравання на грунце нацыянальных каштоўнасцяў і інтарэсаў:

•спрыяць развіццю сістэмы мясцовага кіравання і пашырэння гарызантальных сувязяў і грамадскіх структур на грунце нацыянальнай ідэнтычнасці;
• пашырыць інстытуцыйныя магчымасці і праграмы развіцця грамадзянскай адукацыі, палітычнага і моладзевага лідарства, прасоўвання ідэй правоў чалавека і кааператыўнага ўдзелу грамадзян у працэсах кіравання дзяржавай і грамадскімі службамі;
• развіваць тэхналогіі электроннага ўраду, лічбавізацыі дэмакратычных інстытутаў для памяншэння забюракратызаванасці сферы і стварэння рэальных падмуркаў шырокага ўцягнення кожнага чалавека ў працэсы сама/кіравання і ўплыву на выкананне грамадска значных праектаў.

3. ствараць пазітыўны вобраз краіны Беларусь і яе народа на мясцовым і глабальным узроўнях, а таксама задаць базавы грамадскі ідэал будучыні развіцця, “беларускую мару”:

• выпрацаваць стратэгію прасоўвання і пазіцыянавання Беларусі на міжнароднай арэне, дапамагчы рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў у рэгіянальным і глабальным кантэксце.
• зрабіць беларускую мову - адной з моваў краін ЕС і глабальна дасяжнай у якасці мовы выбару на папулярных сусветных сервісах і пляцоўках (Google, Amazon, Spotify і г.д.)
• узмацняць паступовую “нацыяналізацыю” усіх асноўных сфер грамадскага жыцця, іх гарманізацыю з мэтамі і задачамі нацыянальнага адраджэння праз механізмы рэфармавання пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых бакоў і структур грамадзянскай супольнасці. Задачы:

• выпрацаваць стратэгію прасоўвання і пазіцыянавання Беларусі на міжнароднай арэне, дапамагчы рэалізацыі нацыянальных інтарэсаў у рэгіянальным і глабальным кантэксце.
• зрабіць беларускую мову - адной з моваў краін ЕС і глабальна дасяжнай у якасці мовы выбару на папулярных сусветных сервісах і пляцоўках (Google, Amazon, Spotify і г.д.)
• узмацняць паступовую “нацыяналізацыю” усіх асноўных сфер грамадскага жыцця, іх гарманізацыю з мэтамі і задачамі нацыянальнага адраджэння праз механізмы рэфармавання пры ўдзеле ўсіх зацікаўленых бакоў і структур грамадзянскай супольнасці. Задачы:

• правядзенне комплексных рэформ сістэмы адукацыі і навукі, сферы культуры з мэтамі ліквідацыі сістэмных праблем і стварэння нацыянальна арыентаванага асяроддзя;
• забеспячэнне рэформы дзейнасці СМІ і фарматаў свабоднай журналістыкі (блогерства), прыняццё стратэгіі нацыянальнай інфармацыйнай бяспекі,
• узмацненне нацыянальнага складніку ў развіцці спартовага і алімпійскага руху;

• дапамагаць пабудове прававых, палітычных і маральных падмуркаў для развіцця беларускай нацыі ў межах незалежнай дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы. Задачы:

•забяспечыць нацыянальны складнік пры ажыццяўленні рэформы войска, правахоўных і судовых органаў;
• правесці канстытуцыйную рэформу і замацаваць асноўныя прынцыпы развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы як суверэннай, прававой і дэмакратычнай краіны з рэальнымі механізмамі і гарантыямі захавання гэтых норм у грамадска-палітычным жыцці;

• дамагацца дасягнення ўстойлівага і заможнага ўзроўню жыцця як каштоўнаснай місіі і фактара стабілізацыі наробкаў руху нацыянальнага адраджэння дзеля яго максімальнага ўхвалення беларускай грамадскасцю. Задачы:
• фармаванне нацыянальных прыярытэтаў развіцця бізнеса і эканомікі як імплементацыя прынцыпа гаспадарчасці і працавітасці з перспектывай стварэння грамадства высокай якасці жыцця - “з трэцяга свету ў першы”;
• правядзенне комплекснай рэформы сферы медыцыны і аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння з мэтай стварэння падмуркаў для істотнага павышэння якасці і працягласці жыцця, пакрыцця базавых патрэб чалавека

Асноўныя этапы рэалізацыі і іх спецыфіка

Стратэгія і Канцэпцыя нацыянальнага адраджэння і развіцця прадугледжвае наступныя асноўныя этапы сваёй рэалізацыі:

Нулявы этап: падрыхтоўчы - звязаны з дзейнасцю ў перыяд да фактычнай змены ўлады, дэмакратычнага транзіту і вяртання ў Беларусь вымушаных палітычных уцекачоў, адмены рэпрэсіўных законаў і практык: фармаванне перадумоў, распрацоўка стратэгій, падрыхтоўка кадраў, пошук рэсурсаў, заключэнне даўгатэрміновых дамоў і пошук партнёрства, запуск стратэгічных праектаў.

Першы этап: пераходны - звязаны з дзейнасцю пад час непасрэднага транзіту ўлады ад аўтарытарных палітычных структур да прадэмакратычных (да правядзення першых дэмакратычных выбараў): перахоп функцый, закладанне фактычнага падмурку рэалізацыі канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння, першыя крокі па правядзенні рэформ у асноўных сферах і вяртанні ў прававое поле.

Другі этап: асноўны - звязаны з дзейнасцю пасля першых і да другіх дэмакратычных выбараў і арыентаваны на ўмацаванне дэмакратычнай супольнасці і працяг рэформ грамадскага, палітычнага, гаспадарчага і культурнага жыцця: правядзенне ключавых рэформ, замацаванне дэмакратычных інстытутаў і норм, развіццё мясцовага самакіравання і грамадзянскага актывізму.

Трэці этап: устойлівага развіцця - звязаны з дзейнасцю пасля другіх дэмакратычных выбараў пры замацаванні асноўных элементаў свабоднага і дэмакратычнага палітычнага жыцця ў Беларусі: перыяд замацавання і развіцця асноўных мэтаў і задач нацыянальнага адраджэння і развіцця ў Беларусі.

Дарожныя мапы
Нулявы этап (A) Першы этап (B)



Канцэпцыя i Стратэгiя Поўная версія Канцэпцыi