white-red-white flag Афіцыйная старонка органа дэмакратычных сіл Беларусі

КАНЦЭПЦЫЯ НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭННЯ І РАЗВІЦЦЯ

28 лістапада 2023 года, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

Прэамбула

Сёння беларусы знаходзяцца ў надзвычай цяжкім становішчы — як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Гэта абумоўлена шэрагам фактараў, якія ўплываюць на жыццё не толькі асобных людзей, але і ўсёй краіны, набліжаючы яе да поўнай страты сваёй незалежнасці і знікнення з палітычнай карты свету. У выніку працяглай русіфікацыі і каланіяльнай палітыкі Расіі беларуская мова апынулася ў сусветным спісе моў, якім пагражае знікненне, беларуская культура існуе ва ўмовах хранічнай адсутнасці фінансавання і знявазе з боку дзяржавы, беларуская гісторыя мнагакратна перапісваецца і скажаецца, беларускі народ перажывае самую вялікую дэмаграфічную катастрофу і змушаную эміграцыю — усё гэта ў сукупнасці падрывае нашу будучыню. І гэта далёка не поўны спіс пагроз для нашай незалежнасці і ідэнтычнасці, не кажучы ўжо пра глабальныя праблемы чалавецтва, якія нас таксама не абмінаюць.

Звычайна, каб даць рады тым праблемам, якія стаяць перад супольнасцю людзей або цэлай нацыяй, найперш трэба ўсвядоміць, што толькі мы самі можам знайсці выйсце з цяжкага становішча — і толькі пры ўмове, што разумеем, хто мы такія, якія ў нас мэты і задачы, які маем план перамогі і як гэты план можна рэалізаваць сумесна. Безумоўна, на любыя дзеянні ўплывае кантэкст, не ўсе цяжкасці можна пераадолець простым стратэгічным планаваннем. Але цяпер, калі хранічныя хваробы беларускай нацыі ўвесь час абвастраюцца, а гвалт і агрэсія ў нашым рэгіёне толькі павялічваюцца, мы верым, што разумная і паслядоўная палітыка нацыянальнага адраджэння і развіцця, прапісаная на ўзроўні агульнай Канцэпцыі і Стратэгіі рэалізацыі, мае стаць тым адказам на актуальныя выклікі, які павінен аб’яднаць беларусаў і даць ім ясную і дасяжную мэту ў іх змаганні за вольную і годную будучыню.

Чаму мы называем гэта палітыкай нацыянальнага адраджэння і развіцця? Ці не звязана гэта з папярэднімі спробамі рэалізацыі праграм нацыянальнага адраджэння? Чаго тут больш — апеляцыі да традыцыі ці пошукаў вырашэння актуальных праблем?

Найперш, адразу адзначым, што нацыянальнае адраджэнне, у нашым разуменні, дакладна не з’яўляецца:

• вяртаннем да нейкага «залатога веку» з нашага мінулага, традыцыі і звычаі якога мы

• збіраемся адраджаць, якім бы «слаўным» гэтае мінулае ні было;

• спробай падмяніць актуальныя задачы нейкім чароўным наборам ідэалаў;

• фіксацыяй увагі выключна на пытаннях мовы ці сімволікі як галоўных мэтах перамен у грамадска-палітычным жыцці;

• фармаваннем гамагеннасці і культурнай аднастайнасці, а таксама выключэннем этнічных і культурных меншасцяў з нацыянальнага жыцця;

• аднамомантавым пераходам альбо канкрэтнай падзеяй, якая павінна ўсё памяняць за лічаныя месяцы ці гады.

Нацыянальнае адраджэнне — гэта перадусім праграмны працэс, які вызначае сучасны і будучы стан беларускай нацыі. Гэта значыць, што ён скіраваны не столькі ў мінулае, колькі ў будучыню. Праграмны характар працэсу прадугледжвае гнуткасць этапаў і інструментаў яго рэалізацыі ў залежнасці ад рэальных абставін і кантэксту. Безумоўна, гэты працэс не можа ігнараваць нацыянальную спадчыну і традыцыю, бо мае вяртанні пэўныя важныя складнікі беларускай ідэнтычнасці і культуры ў шырокі грамадскі ўжытак — у пэўнай ступені аднавіць традыцыю. Але з абавязковай наступнай рэвізіяй і далейшым развіццём яе з улікам кантэксту — як рэгіянальнага, так і глабальнага. Беларусь не этнаграфічны музей — гэта супольнасць жывых людзей, якія мусяць заняць сваё пачэснае месца ў рэальным свеце. «Ліючаяся форма» — так вызначыў дух свабоднай творчасці, да якога варта імкнуцца, славуты беларускі філосаф пачатку ХХ ст. Ігнат Канчэўскі. Такім чынам, адраджэнне сваёй нацыі і культуры — гэта сапраўдны рэнесанс, то бок творчы ўздым усіх грамадска-палітычных, гаспадарчых, адукацыйных і культурных сіл, скіраваных на здабыццё бяспечнай і годнай будучыні для Беларусі і беларускага народа.

На нашу думку, глыбока антынацыянальная па сваёй сутнасці палітыка беларускай дзяржавы за часам кіравання рэжыму Лукашэнкі, а таксама агрэсіўная экспансія ідэалогіі «рускага міру», як і ў цэлым рускі імперыялізм і мілітарызм у дачыненні да суседніх народаў і дзяржаў, вымушае прызнаць, што шырокае рушэнне нацыянальнага адраджэння і развіцця сёння з’яўляецца адной з найбольш пільных і выразных патрэб беларускага грамадства і дзяржавы.

Пры гэтым беларуская нацыя разглядаецца тут як гістарычная супольнасць, якая сфарміравалася на аснове шматэтнічнай, шматканфесійнай, шматкультурнай і шматмоўнай мясцовай традыцыі, дзе культура тытульнага народа не адмаўляе ў існаванні і плённым развіцці іншым традыцыйным для тэрыторыі Беларусі культурам (яўрэйскай, польскай, украінскай, рускай, літоўскай, татарскай і г. д.), якія ўзбагачаюць агульную спадчыну. Сучасная беларуская нацыя вызначаецца адметнай культурнай ідэнтычнасцю, уласнымі ментальнымі асаблівасцямі, а таксама выразнымі сацыяльнымі нормамі і прынцыпамі, што фармуюць адмысловую грамадзянскую культуру. Многія даследчыкі адзначаюць, што пасля 2020 г. беларусы ўжо не проста культурная, моўная і гістарычная супольнасць, але яны заявілі пра сябе як пра новы калектыўны грамадзянскі суб’ект — палітычную нацыю. Дадзеная канцэпцыя мае намер узмацніць і працягнуць дасягненні, здабытыя беларускім народам у выніку яго барацьбы за свае правы і інтарэсы.

Дык ці з’яўляецца прапанаваная канцэпцыя нацыянальнага адраджэння і развіцця паўторам альбо працягам палітыкі нацыянальнага адраджэння бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў ці грамадска-палітычнага руху «Адраджэнне», які бярэ свой пачатак у апошнія гады існавання Савецкага Саюза? Безумоўна, яна прымае і ўлічвае досвед папярэднікаў і ўключае ў сябе іх лепшыя дасягненні, але з’яўляецца прынцыпова новым этапам і развіццём беларускага грамадскага руху. Гэта канцэпцыя адштурхоўваецца ад актуальных выклікаў і задач (рэгіянальных і глабальных), значна пашырае рамкі этнічнага нацыяналізму і вызначае больш канкрэтны вектар будучага развіцця Беларусі і беларусаў як супольнасці ў глабальным свеце.

І. Хто бярэ на сябе адказнасць за дадзеную канцэпцыю і што плануе рабіць на яе аснове?

Канцэпцыя нацыянальнага адраджэння і развіцця з’яўляецца праграмным дакументам для разгортвання адмысловай палітыкі Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і яго структурнымі падраздзяленнямі. З гэтай прычыны названы палітычны суб’ект бярэ на сябе абавязацельства і адказнасць спрыяць рэалізацыі мэт, задач, ідэалаў і каштоўнасцяў, вызначаных у дадзеным дакуменце, а таксама ў агульным дакуменце Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця ў якасці канкрэтных дзеянняў і інструментаў іх выканання.

Разумеючы, што канчатковая мэта і аб’ём пастаўленых задач відавочна перавышаюць магчымасці асобнага палітычнага суб’екта і маюць патрэбу ў падтрымцы шырокага спектра грамадскіх арганізацый, палітычных партый, супольнасцяў і валанцёрскіх рухаў, мы звяртаемся як да кожнага аб’яднання беларусаў, так і да асобных людзей з заклікам далучацца да рэалізацыі дадзенай Канцэпцыі і Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, знаходзячы для сябе адпаведнае месца і напрамак дзейнасці і гарманізуючы сваю працу з высілкамі астатніх груп. Пры гэтым Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі бачыць сябе першым сярод роўных у тым, каб абвясціць і распачаць гэтае рушэнне і надалей рупіцца пра яго сінхранізацыю і выкананне, наладжваючы прадуктыўныя і партнёрскія стасункі з тымі, хто таксама гатовы падтрымаць дадзены дакумент і падпісацца пад ім.

Мы ўсведамляем, што мэты і задачы Канцэпцыі і Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця перавышаюць магчымасці цяперашняга моманту і мусяць быць рэалізаваны на розных этапах свайго разгортвання. Мы бачым чатыры асноўныя этапы рэалізацыі, прымаючы пад увагу важнасць здабыцця беларускай нацыяй такога важнага інструмента для свайго развіцця, як нацыянальная дзяржава, якая грунтуецца на прынцыпах свабоды, права і дэмакратыі, што адсутнічае сёння:

• этап падрыхтоўкі, акумуляцыі рэсурсаў і пачатку рушэння — да моманту дэмакратычнага транзіту ўлады ў Беларусі (нулявы этап);

• этап актыўных пераўтварэнняў і першапачатковых рэформ — ад моманту дэмакратычнага транзіту ўлады да першых свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі (першы этап);

• этап ўмацавання дэмакратычнай супольнасці і працягу рэформ грамадскай, палітычнай, гаспадарчай і культурнай сфер — паміж першымі і другімі дэмакратычнымі выбарамі (другі этап);

• этап замацавання вынікаў і далейшага развіцця грамадства і дзяржавы ў вольнай Беларусі будучага — пасля другіх дэмакратычных выбараў (трэці этап).

Шматэтапнасць працэсу грамадска-палітычных пераўтварэнняў і змена інтэнсіўнасці выканання асобных задач на кожным з этапаў патрабуюць ад нас акрэсліць стартавыя ўмовы рушэння нацыянальнага адраджэння і развіцця у якасці сукупнасці падмуркаў для рэалізацыі і падтрымкі каштоўнасцяў, прынцыпаў і ідэалаў, пакладзеных у аснову канцэпцыі, а таксама пераважных інструментаў (сродкаў) для дасягнення пастаўленых мэт і задач. Сукупнасць дзеянняў і інструментаў у залежнасці ад этапу рэалізацыі пэўных задач дадаткова акрэслена ў асобным дакуменце Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця.

ІІ. Асноўныя падмуркі рэалізацыі праграмы нацыянальнага адраджэння і развіцця

Мы разумеем, што беларуская мова, гістарычныя сімвалы і традыцыі, а таксама беларуская гістарычная праўда, пазбаўленая ад фальсіфікацыі і наўмысных ідэалагічных маніпуляцый, маюць важнае значэнне для нацыянальнай культурнай ідэнтычнасці. Пад нацыянальнай ідэнтычнасцю тут неабходна разумець комплекс светапоглядных і каштоўнасных элементаў свядомасці чалавека, якія адказваюць за пачуццё прыналежнасці да пэўнай гістарычнай і культурнай групы (нацыі). Слаба развітая нацыянальная ідэнтычнасць можа спрыяць асіміляцыі ці інтэграцыі яе носьбітаў у іншыя нацыянальныя праекты.

Зыходзячы з гэтага і ўсведамляючы цяперашні паслаблены стан ключавых элементаў нацыянальнай ідэнтычнасці, на пярэдні план рушэння нацыянальнага адраджэння і развіцця мы выносім неабходнасць праграмы іх комплекснага вяртання ў шырокі грамадскі ўжытак з адначасовым пазбаўленнем ад каланіяльна-імперскай і таталітарнай спадчыны. Такі працэс комплекснага вяртання элементаў ідэнтычнасці адначасова мусіць прадугледжваць працэс перагляду гістарычнай спадчыны і стварэнне перадумоў для творчасці і самастойнага развіцця беларускага грамадства на аснове нацыянальнай традыцыі.

Апошняе мае на ўвазе рэалізацыю нацыянальнай палітыкі, скіраванай на вобраз будучай Беларусі як свабоднай, дэмакратычнай, шматэтнічнай, шматкультурнай і шматканфесійнай краіны, якая асноўваецца на багатым гістарычным досведзе і павазе да годнасці кожнага чалавека і да яго права на самавыражэнне.

Праграма нацыянальнага адраджэння прадугледжвае таксама імкненне сфармуляваць тое, што можна назваць выразам «нацыянальны мэйнстрым» — тая агульная прызма, праз якую беларусы вызначаюць сваё месца ў гісторыі, ацэньваюць актуальныя і мінулыя падзеі, фармуюць вобраз будучыні. Гэта можна таксама акрэсліць як пэўны нацыянальны фокус, інтарэс, «нацыянальную мару», якая не зводзіцца да асобнай палітычнай ідэалогіі, а вызначае напрамкі развіцця грамадства на аснове ўласных беларускіх каштоўнасцяў, прынцыпаў, ідэалаў і фундаментальнай павагі да чалавечай свабоды і годнасці.

У пэўнай ступені стварэнне нацыянальнага мэйнстрыму прадугледжвае пераасэнсаванне культуры, гісторыі і традыцыі (як лакальнай, так і глабальнай) з мэтай фармавання пантэона нацыянальных герояў (выдатных вучоных, дзеячаў культуры, палітыкаў, вайскоўцаў, маральных і рэлігійных аўтарытэтаў) і канструктыўных нацыянальных міфаў — тых агульных сімвалаў і наратываў, якія даюць падставы ганарыцца прыналежнасцю да гісторыі і культуры нацыі (у той самы час, з павагай ставіцца да гісторыі і культуры іншых народаў), з’яўляюцца ўзорам для выхавання будучых пакаленняў у пэўных ідэалах, што варта ўспрымаць як прадукт нацыянальнага кансэнсусу.

ІІІ. Асноўныя каштоўнасці, прынцыпы і ідэалы, закладзеныя ў праграму нацыянальнага адраджэння і развіцця:

Праграма нацыянальнага адраджэння і развіцця дэкларуе такія каштоўнасці, як:

1. любоў да Беларусі, нацыянальнай мовы, гісторыі, культуры, сімвалаў і традыцый, якія можна аб’яднаць паняццем «беларушчына» («Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна!»);

2.суверэнітэт, дэмакратыя, правы чалавека як глабальная каштоўнасць: ўзаемазвязанае і неад’емнае права нацыі на самастойнасць палітычнага існавання і дэмакратычнага ладу жыцця і права кожнага чалавека на абарону яго (яе) асноўных правоў і інтарэсаў («Кожны(ая) ў Беларусі мае права»);

3. еўрапейскасць як прыналежнасць да агульнаеўрапейскай гістарычнай і культурнай

прасторы і цывілізацыйны выбар беларускага народа («Беларусь — гэта Еўропа»);

4. шматвымернасць і культурная разнастайнасць замест адзінага стандартызаванага шляху развіцця культуры або нацыі («Ліючаяся форма»);

5. дабрабыт як безумоўная базавая патрэба годных умоў для жыцця, творчасці і плённай працы дзеля заможнасці і росквіту нацыі («Краіна для жыцця» і «Рабі пільна — і тут будзе Вільня!»).

Асноўнымі прынцыпамі праграмы нацыянальнага адраджэння і развіцця з’яўляюцца:

1. прынцып адказнасці (агентнасці) — гаспадарыць на сваёй зямлі, любіць, дбаць, ахоўваць і развіваць яе;

2. прынцып захавання нацыянальнага гонару і годнасці як павага да ўласнай спадчыны, выкананне максімы «Шануй сваё!» і патрабаванне міжнароднага прызнання гэтага права;

3. прынцып свабоды (на дзяржаўным і індывідуальным узроўнях) як адсутнасць істотных абмежаванняў на шляху да самарэалізацыі і развіцця кожнага чалавека і грамадства ў цэлым;

4. прынцып дзяржаўнага і нацыянальнага самавызначэння як безумоўнае права нацыі на ўтварэнне незалежнай дзяржавы і вольнае развіццё беларускага грамадства ў яе межах;

5. прынцып вяршэнства права як неабходнасць безумоўнага выканання законаў і Канстытуцыі Беларусі на ўсіх узроўнях (прававая дзяржава);

6. прынцып еўрапейскай будучыні Беларусі як спосаб яе існавання і захавання ў палітычных, культурных і прававых варунках агульнаеўрапейскага жыцця;

7. прынцып адкрытасці і транснацыянальнага дыялогу як арыентацыя на пабудову адкрытага грамадства, што спалучае нацыянальныя традыцыі і інтарэсы з прадуктыўным глабальным дыялогам і задачамі супольнага развіцця;

8. прынцып творчасці як фокус на стварэнні магчымасцяў і ўмоў для паўстання новых форм культуры, жыцця, мыслення, што мусяць развіваць і ўзбагачаць нацыянальную спадчыну, накіроўваць грамадства не ў мінулае, а ў будучыню;

9. прынцып інклюзіўнасці як гарантыя права культурных, этнічных і рэлігійных меншасцяў рабіць свой унёсак у агульную беларускую традыцыю і культуру, іх прысутнасць і бачнасць у межах нацыянальнага праекта;

10. прынцып салідарнасці і дэцэнтралізацыі як падвышэнне ролі мясцовых супольнасцяў і мясцовага самакіравання ва ўсіх галінах палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця, стварэнне умоў для ўзаемапавагі, даверу і супольнага вырашэння спраў;

11. прынцып гаспадарчасці і працавітасці як чыннік годнага і заможнага жыцця краіны і грамадства.

Пераважныя нацыянальныя ідэалы (як жаданы вобраз будучыні, на які арыентуецца канцэпцыя нацыянальнага адраджэння і развіцця):

1. Беларусь, якой ганарымся — пазітыўны, варты гонару і павагі вобраз краіны і яе насельнікаў;

2. Актыўная нацыянальная свядомасць — прыняцце кожным на сябе асабістай адказнасці за рэалізацыю праграмы нацыянальнага адраджэння і дбанне пра будучыню Беларусі;

3. Беларусь як незалежная, прававая і дэмакратычная дзяржава;

4. Беларусь як паўнацэнная і роўная частка еўрапейскай супольнасці і глабальнага свету;

5. Беларусы як самаарганізаваная і паўнацэнная грамадзянская супольнасць, якая ўсведамляе свае правы і інтарэсы, адказна дзейнічае на мясцовым, дзяржаўным, рэгіянальным і глабальным узроўнях;

6. Беларусь як заможная краіна з высокім узроўнем даходаў людзей, высокай працягласцю і якасцю жыцця, сацыяльнымі і прававымі гарантыямі для кожнага чалавека, высокім узроўнем развіцця адукацыі, медыцыны, навукі, тэхналогій і культуры — «з трэцяга свету ў першы».

IV. Асноўныя складнікі і агульныя інструменты рэалізацыі праграмы нацыянальнага адраджэння і развіцця

Падчас сваёй рэалізацыі праграма нацыянальнага адраджэння мусіць стаць інструментам палітычнага і ідэйнага абгрунтавання неабходнасці рэфармавання дзяржавы і грамадства ў напрамку здабыцця такіх важных для існавання беларускай нацыі складнікаў, як:

• нацыянальная годнасць, павага да іншых і самапавага («Я — беларус/ка»): шанаванне нацыянальных каштоўнасцяў, сімвалаў, мовы, традыцыі, гісторыі і культуры як неад’емнай спадчыны беларусаў і важны чыннік для іх развіцця ў будучым;

• нацыянальная суб’ектнасць (агентнасць) — усведамленне сваёй ідэнтычнасці і дзейнасць на яе аснове;

• фармаванне нацыянальнага мэйнстрыму і беларускай павесткі;

•рэальная незалежнасць, самастойнасць і пачэсны статус на міжнароднай арэне Беларусі як дзяржавы;

• дэмакратыя і рэспубліка (Рэч Паспалітая = дзяржава як агульная справа), павага да правоў чалавека, шанаванне законаў;

• салідарнасць, гарызантальныя сувязі, узаемны давер і падтрымка («беларус беларусу беларус»).

Неабходнымі для дасягнення мэт нацыянальнага адраджэння і развіцця бачацца такія агульныя інструменты рэалізацыі, як:

• комплексны нацыянальны і міжнацыянальны дыялог (абмеркаванне і кансэнсус наконт нацыянальнай ідэнтычнасці, культурнай спадчыны, вырашэнне спрэчных пытанняў з суседнімі дзяржавамі і народамі, умацаванне міжнацыянальных сувязяў, узаемнай павагі і сяброўства);

• рэальнае забеспячэнне шматмернасці і шматгалосся (поліфаніі) як пераважных характарыстык, што вызначаюць нацыянальны культурны працэс і даюць магчымасці для развіцця самых розных напрамкаў сучаснай беларускай культуры і культуры нацыянальных меншасцяў;

• рэактуалізацыя спадчыны і рэбрэндынг (пераасэнсаванне ўласнай гісторыі, яе сімвалаў, традыцый, міфаў, вяртанне страчаных сэнсаў, адмова ад «віктымнага» («ахвярнага») вобраза беларусаў на карысць пазітыўнага вобраза краіны і яе насельнікаў, збудаванага на прынцыпах самапавагі, годнасці і суб’ектнасці, стварэнне «новай мовы» — новых найменняў, сімвалаў, наратываў для апісання і самарэалізацыі будучай нацыі;

• наладжванне агульнай нацыянальнай (эка)сістэмы, прыязнай да людзей і прыдатнай для іх жыцця і творчасці, асноўным прыярытэтам якой выступае забеспячэнне годнага (ў гаспадарчым, сацыяльным і палітычным сэнсе) ўзроўню жыцця чалавека, права жыць і выхоўвацца ў межах нацыянальнай культуры, інтарэсаў і суверэнных мэт і задач Беларусі як незалежнай краіны; стварэнне ўмоў для самаразвіцця, творчасці, якаснай адукацыі, рэалізацыі ў навуцы, бізнесе, медыя, грамадскім актывізме ці вынаходніцтве для кожнага.

V. Асноўныя сферы рэалізацыі праграмы нацыянальнага адраджэння і развіцця

Комплексная праграма нацыянальнага адраджэння знаходзіць асобныя аспекты сваёй рэалізацыі практычна ва ўсім спектры праяў грамадскага жыцця. Гэта такія сферы, як:

• адукацыя,
• культура,
• навука і даследаванні,
• палітыка,
• эканоміка,
• сістэма права,
• вайсковая справа,
• спорт,
• міжнародныя стасункі,
• ахова навакольнага асяроддзя і г. д.

Рэалізацыя канцэпцыі нацыянальнага адраджэння і развіцця ў гэтых сферах прадугледжвае вызначэнне і вяртанне да нацыянальных каштоўнасцяў, ідэалаў і інтарэсаў, забеспячэнне іх выканання як асноўных чыннікаў і фактараў развіцця беларускай нацыянальнай дзяржавы і грамадства.

VI. Асноўная мэта і задачы нацыянальнага адраджэння і развіцця

Комплекснай мэтай нацыянальнага адраджэння з’яўляецца канчатковае (у сэнсе дасягнення акрэсленага стану) фармаванне беларускай нацыі як 1) супольнасці з моцнай ідэнтычнасцю (вызначанай сукупнасцю агульных і разнастайных каштоўнасцяў, ідэалаў, сімвалаў, традыцый і нацыянальным мэйнстрымам) і 2) актыўным грамадзянскім дзеяннем (суб’ектнасцю), што 3) свабодна сябе рэалізуе на індывідуальным і грамадскім узроўнях у межах незалежнай, нацыянальнай, дэмакратычнай, еўрапейскай, заможнай дзяржавы Беларусь як ўвасабленне яе грамадскага ідэала.

У сваю чаргу, падставай для дасягнення азначанай комплекснай мэты з’яўляецца стварэнне ўмоў для свабоднага і прадуктыўнага развіцця беларускай культуры на аснове прынцыпаў захавання ўласных традыцый і культурнай разнастайнасці народаў, якія здаўна пражываюць на тэрыторыі Беларусі (гарманічнага спалучэння ідэй этнічнага і грамадзянскага нацыяналізму), вяртання нацыянальных сімвалаў, пашырэння сфер ужывання беларускай мовы, папулярызацыі гісторыі і культуры, а таксама развіцця нізавой грамадзянскай актыўнасці, мясцовых супольнасцяў і самакіравання.

Для дасягнення пастаўленай мэты істотнымі ўяўляюцца наступныя тактычныя мэты і звязаныя з імі задачы, падрабязна акрэсленыя ў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця:


1. спрыяць узмацненню нацыянальнай ідэнтычнасці і пазбаўленню ад уплыву таталітарнай і імперскай спадчыны;
2. садзейнічаць умацаванню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі (ажыццяўленне «гарызантальнай рэвалюцыі» сістэмы кіравання);
3. ствараць пазітыўны вобраз краіны Беларусь і яе народа на мясцовым і глабальным узроўнях, а таксама задаць базавы грамадскі ідэал будучыні — «беларускую мару».

Фінальныя заўвагі

Дадзены дакумент з’яўляецца агульнай «ідэалогіяй» усяго рушэння, сукупнасцю ідэйных і каштоўнасных асноў і арыенціраў, на базе якіх мусіць ажыццяўляцца комплексная Стратэгія нацыянальнага адраджэння і развіцця, апісаная ў асобным дакуменце. У сувязі з гэтым мы прапануем разглядаць дадзены дакумент толькі ў непасрэднай звязцы з дакументам па Стратэгіі, які тлумачыць яго выкананне на кожным канкрэтным узроўні.

Канцэпцыя i Стратэгiя Поўная версія Cтратэгii