Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у форуме па бяспецы ў Кіеве

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у рэгіянальным форуме па бяспецы «Шлях да волі», які прайшоў у Кіеве і аб’яднаў палітычных экспертаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і ініцыятыў з краін рэгіёну. Да падзеі далучыўся і Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

Падчас дыскусій абмяркоўваліся выклікі бяспекі ў рэгіёне, наступствы расійскай агрэсіі і яе ўплыў на краіны Усходняй Еўропы, у тым ліку на Беларусь. Асобная ўвага была нададзеная пытанням нацыянальнай ідэнтычнасці ва ўмовах палітычнага ціску і інфармацыйнага ўплыву.

Беларускі бок звярнуў увагу на сітуацыю ўнутры краіны пасля 2020 года, падкрэсліў звужэнне незалежнай інфармацыйнай прасторы і ціск на грамадства. Гэта стварыла дадатковыя рызыкі для нацыянальнай бяспекі і незалежнасці.

Удзельнікі таксама правялі паралелі паміж працэсамі, якія адбываюцца ў Беларусі, і сітуацыяй на акупаваных тэрыторыях Украіны, а таксама адзначылі агульныя рысы ў палітыках, накіраваных на аслабленне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Падчас падвядзення вынікаў форуму бакі адзначылі неабходнасць узмацнення супрацоўніцтва паміж Беларуссю, Украінай і краінамі Балтыі. Сярод прыярытэтных кірункаў — развіццё сумесных ініцыятыў, культурных і даследчых праектаў, а таксама паглыбленне дыялогу без выкарыстання каланіяльных наратываў. Акрамя таго, была падкрэсленая важнасць кансалідацыі намаганняў для супрацьдзеяння дэзінфармацыі і падтрымкі незалежных медыя ў рэгіёне.

Форум паспрыяў умацаванню рэгіянальнага партнёрства і фарміраванню асновы для далейшай супрацы ў сферах бяспекі, культуры і грамадскага развіцця.