Паколькі гісторыя Беларусі насычаная драматычнымі эпізодамі, якія маюць вялікае значэнне для разумення яе сучаснасці і будучыні, і паколькі праца з гісторыяй – гэта адно з вымярэнняў палітыкі, то запачаткаванне стратэгіі і належных інструментаў працы з гістарычнаю памяццю на сістэмным узроўні, імкненне да аб’ектыўнасці і прынцыпаў узаемнай павагі паміж нацыямі ёсць адною з прыярытэтных задачаў Прадстаўніцтва.
Фасілітацыя дзейнасці грамадскіх арганізацыяў і прафесійных супольнасцяў, якія сістэматычна працуюць з палітыкаю памяці, публічнаю гісторыяй, фармуюць наратывы, якія тлумачаць складаныя эпізоды беларускай гісторыі ў максімальна факталагічным і аб’ектыўным ключы ды ўлічваюць нацыянальныя інтарэсы беларусаў (павагу да ўласнай гісторыі і гісторыі суседніх народаў, прынцып талеравання розных інтэрпрэтацыяў падзеяў з пошукам найбольш канструктыўнай лініі развязання гістарычных спрэчак).
Праца з трагічнымі старонкамі беларускай гісторыі, якія не атрымалі да гэтага часу належнага гістарычнага тлумачэння і ацэнкі (перыяд калектывізацыі і сталінскіх рэпрэсіяў, партызанскі рух, калабарацыя ў часе Другой сусветнай вайны) дзеля пашырэння публічнай веды пра гэтыя занядбаныя ці нязручныя падзеі і тэмы, іх асэнсавання для будучыні нацыі.
Сістэмная рэалізацыя палітыкі 4Д – дэкамунізацыі, дэімперыалізацыі, дэідэалагізацыі і дэкаланізацыі ў дачыненні ўсіх сфераў жыццядзейнасці.
Пад дэкамунізацыяй маецца на ўвазе працэс паступовай адмовы ад савецкай і камуністычнай спадчыны ў тапаніміцы (назвах вуліцаў, гарадоў і іншае), камуністычна-таталітарных формаў арганізацыі палітычных і грамадскіх практык, рэгламентацыі і заняволення прафсаюзнага руху ці дзейнасці рэлігійных арганізацыяў. Дэімперыялізацыя азначае працэс разбурэння імперскіх міфаў пра трыадзінства ўсходнеславянскіх народаў і вядучую ролю Расеі ў іх аб’яднанні, шанаванні герояў і традыцыяў, якія рэпрэзентуюць гэтую спадчыну. Дэідэалагізацыя азначае стварэнне ўмоваў раўнапраўя любых поглядаў і ідэяў на развіццё дзяржавы і грамадства акрамя тых, што абапіраюцца на мову варожасці і гвалту, адсутнасць дзяржаўнага ціску або цэнзуры адносна характару развіцця чалавека і грамадства, адсутнасць мусовай дзяржаўнай ідэалогіі, што стварае адзіны дапушчальны стандарт жыцця і мыслення. Нарэшце, дэкаланізацыя прадугледжвае працэс паступовага вяртання нацыі да пазітыўнага і годнага вобразу сябе, пазбаўленага самапрыніжэння і знявагі («малодшы брат», «маленькая краіна», «несамастойная культура», «недасканалая мова») як выніку доўгага перыяду каланіяльных практык у дачыненні беларускай ідэнтычнасці і культуры.
Стварэнне перадумоваў і актывізацыя працэсаў міждзяржаўнага гістарычнага дыялогу: адмысловыя супольныя гістарычныя камісіі з прафесіяналамі з беларускага і боку суседзяў (Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі пасля яе дэімпэрыялізацыі) для развязання спрэчных пытанняў гісторыі, выпрацоўвання належнай палітыкі памяці, якая б улічвала розніцу ў інтэрпрэтацыі падзеяў з розных бакоў і выводзіла разуменне праблемаў на ўзровень належнай ацэнкі, гістарычнага ўзаемаразумення, прымірэння і знаходжання канструктыўных кампрамісаў з мэтаю пазбягання перадумоваў для канфліктаў на гістарычнай глебе ў будучыні.
Палітыка памяці на сістэмным узроўні – гэта павага да гісторыі ўласнага народу, шанавання гісторыі і традыцыяў суседзяў, ключ да ўзаемнага разумення і прымірэння, тое, што неабходна для здаровай самасвядомасці беларускай нацыі ў будучыні.