Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні дзеіць як калегіяльная выканаўчая структура Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, адказная за рэалізацыю яго палітыкі ў сферы нацыянальнага адраджэння. Нашая праца адбываецца ў цеснай сувязі з грамадзянскаю супольнасцю, адукацыйнымі і культурніцкімі коламі ды экспертамі і абапіраецца на разуменне, што беларуская мова, сімвалы, культура, адукацыя і гістарычная памяць – аснова нацыянальнай бяспекі.
Пад нацыянальным адраджэннем мы разумеем працэс творчага ўздыму грамадска-палітычных, культурніцкіх і адукатарскіх сілаў, скіраваных на здабыццё бяспечнай і годнай будучыні для беларускага народу, а таксама комплекс стратэгічных захадаў, якія мусяць гэтаму спрыяць. Гэта доўгатэрміновы працэс, скіраваны ў будучыню, а не ў ідэалізаванае мінулае.
Прадстаўніцтва было заснаванае як частка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета рашэннем яго Старшыні Святланы Ціханоўскай як адказ на адзін з ключавых выклікаў перад беларусамі ў сучаснасці – пагроза беспрэцэдэнтнага аслаблення беларускай мовы, культуры, гістарычнай памяці і нацыянальнай суб’ектнасці. Мы пачалі працу ў 2022 годзе і пры ўдзеле прадстаўнікоў культурніцкіх, адукацыйных, гістарычных, медыйных і палітычных арганізацыяў сфармавалі Канцэпцыю нацыянальнага адраджэння і развіцця, а таксама прынялі адпаведную Стратэгію. Для яе рэалізацыі распрацаваныя таксама тактычныя дарожныя мапы развіцця на першыя этапы дзейнасці.