Беларускія дэмсілы і ўкраінскія дэпутаты абмеркавалі супрацу

У межах візіту дэлегацыі Святланы Ціханоўскай у Кіеў 27-га траўня адбылася сустрэча дэмакратычных сіл Беларусі, Камітэта ў пытаннях еўраінтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны і дэпутатаў міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» на чале з сустаршынём Вадзімам Галайчуком.

Сустрэча прайшла ў прысутнасці спецыяльнага пасланніка ў справах Беларусі Яраслава Чарнагора, а таксама суддзі Канстытуцыйнага суда Украіны Юрыя Барабаша.

З беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька, кіраўніца Місіі дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна, дэлегацыя Аб’яднанага пераходнага кабінета – прадстаўнік у нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, глава апарату і лідар фракцыі КР «Еўрапейскі выбар» Валер Мацкевіч, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, а таксама яе намесніца ў кірунку працы з дабраахвотнікамі і іх сем’ямі Анастасія Махамет.

Асноўныя абмеркаванні датычыліся вырашэння сацыяльных пытанняў, легалізацыі, пастаяннага пражывання і паляпшэння ўмоў знаходжання грамадзян Беларусі ва Украіне.

Асобнай увагі заслужылі пытанні еўрапейскага выбару, які дэкларуюць дэмакратычныя сілы як прапанову для беларускага грамадства, а таксама пытанні канстытуцыйных рэформаў і стварэння ў будучыні прававой дэмакратычнай дзяржавы.

Павел Баркоўскі падкрэсліў, што, нягледзячы на жорсткую антыеўрапейскую прапаганду і дэзінфармацыю, якую пашыраюць праўладныя і пракрамлёўскія крыніцы і медыя, беларусы на працягу апошніх 20 гадоў у цэлым станоўча ставяцца да ідэі еўраінтэграцыі.

Паводле дадзеных сацыялагічных апытанняў, падтрымка еўраінтэграцыі сярод беларусаў стабільна знаходзіцца ў дыяпазоне 20–40% – у залежнасці ад узроўню ціску на грамадскую думку.

Павел Баркоўскі прапанаваў дэпутатам Вярхоўнай Рады звярнуць асаблівую ўвагу на 4 ключавыя моманты для паляпшэння ўзаемадзеяння паміж народамі:

  1. Статус беларускай мовы

Не толькі як мовы беларускай меншасці, а шырэй – на дзяржаўным узроўні, каб пазбегнуць фактаў яе дыскрымінацыі на лакальным узроўні ў дзяржаўных установах і службах Украіны. Падчас сустрэчы прыводзіліся канкрэтныя прыклады.

  1. Паляпшэнне ўмоваў для адукацыі беларусаў

У тым ліку вяртанне да нормы аднабаковага прызнання дакументаў аб адукацыі, выдадзеных у Беларусі, для аблягчэння паступлення беларусаў у навучальныя ўстановы Украіны; стварэнне спрыяльных умоваў для навучання беларусаў па шэрагу спецыяльнасцяў ва ўніверсітэтах Украіны; а таксама стварэнне пляцовак для супольнага абмеркавання праграм рэформаў адукацыі з украінскімі экспертамі.

  1. Культурніцкая супраца

Адназначны сігнал пра важнасць і дапушчальнасць украінска-беларускіх культурніцкіх кантактаў паміж арганізацыямі і фондамі Украіны і беларускай незалежнай культурніцкай супольнасцю. Напрыклад, праз стварэнне спецыяльнай праграмы ці фонда падтрымкі сумесных украінска-беларускіх праектаў.

  1. Супраца ў інфармацыйным полі

Стварэнне пастаянна дзеючай міжнароднай групы, якая б займалася распрацоўкай супольных наратываў, агульнымі дзеяннямі па паляпшэнні іміджу беларускага і ўкраінскага народаў у вачах адзін аднаго і інфармацыйным супрацівам варожай прапагандзе.