Эксперты з беларускага і ўкраінскага бакоў 14 красавіка сустрэліся ў Кіеве, каб пачаць працу над наратывамі, якія б дапамагалі выстройваць прыязныя, канструктыўныя і ўзаемакарысныя адносіны паміж нашымі народамі. Гэтая праца стала адказам на патрэбу ў стратэгічнай камунікацыі на фоне шэрагу негатыўных фактараў і маштабных выклікаў у рэгіёне.
Стратэгічная сесія адбылася ў будынку ўкраінскага Інстытута нацыянальнай стойкасці і бяспекі, што разам з Прадстаўніцтвам у нацыянальным адраджэнні і Місіяй дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве стаў суарганізатарам падзеі. Вынікам працы больш як 20 экспертаў сталі распрацаваныя наратывы, што ў далейшым лягуць у аснову стратэгічнай камунікацыі.
З беларускага боку ў сесіі ўдзельнічалі Павел Баркоўскі і Ірэна Кацяловіч ад імя Прадстаўніцтва, а таксама кіраўніца Місіі беларускіх дэмакратычных сіл у Кіеве Святлана Шаціліна, сацыёлаг і кансультант Офіса Святланы Ціханоўскай Генадзь Коршунаў, галоўная рэдактарка Media IQ Надзея Белахвосцік, спецыялістка ў тэмах дэкаланізацыі і ідэнтычнасці Аліна Герашчанка ды іншыя.
Украінскі бок прадстаўлялі дырэктарка Інстытута нацыянальнай стойкасці і бяспекі Рэна Маруцян, палітычны аналітык Яраслаў Чарнагор, дыпламат і былы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, культуралагіня Наталля Крівда, медыяэксперт і дырэктар Інстытута франціра Яўген Глебавіцкі, палітолаг і журналіст Яўген Магда, сацыёлаг Дзмітро Грамакоў ды іншыя.
“Камунікацыя з украінцамі захоўвалася ад пачатку поўнамаштабнай вайны, абодва бакі разумеюць, як важнай будзе супраца Беларусі і Украіны ў будучыні, але відавочна, камунікацыя становіцца ўсё больш канструктыўнай і прадуктыўнай. Адной з прыкметаў стала гэтая сустрэча і пачатак грунтоўнай працы над тым, як мы апавядаем адзін пра аднаго і як адлюстроўваем нашае супольнае, але і нашыя праблемы ў стратэгічнай камунікацыі. Гэтая праца вымагае разбору праблемных кропак у адносінах, вывучэння аналітычнай асновы, узгаднення пазіцый і мэтаў ды фармавання такіх наратываў, якія б адказвалі на выклікі і задачы аднолькава паспяхова для абодвух бакоў”, – кажа прадстаўнік у нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.
Стратэгічная сесія ў Кіеве сталася толькі пачаткам больш шырокага працэсу. Праца над наратывамі працягнецца з удзелам ужо заангажаваных экспертаў ды будзе разбудоўвацца адпаведна сваім патрэбам.