Другі Касцюшкаўскі форум прайшоў у Гданьску

Касцюшкаўскі форум «Культура як сіла дэмакратыі» адбыўся 2 чэрвеня ў Гданьску. Падзея была арганізаваная Еўрапейскім цэнтрам салідарнасці пад патранатам Міністэрства замежных справаў Польшчы. У падрыхтоўцы форума ўдзельнічала Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні.

Форум сабраў прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл, культурніцкай супольнасці, даследнікаў, міжнародных экспертаў і прадстаўнікоў еўрапейскіх інстытуцый для абмеркавання ролі культуры ў бяспецы Беларусі і яе будучыні.

У сваім уступным слове кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская адзначыла, што культура і нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляюцца аднымі з галоўных фактараў захавання беларускай суб’ектнасці ва ўмовах рэпрэсій, русіфікацыі і вымушанай эміграцыі. На яе думку, культура не толькі аб’ядноўвае беларусаў па абодва бакі мяжы, але і ўмацоўвае ўстойлівасць грамадства, застаючыся важнай часткай еўрапейскай будучыні Беларусі.

Асобнай часткай праграмы стала ўручэнне ўзнагароды Салідарнасці і правоў чалавека Еўрапейскага цэнтра салідарнасці Алесю Бяляцкаму — праваабаронцу, заснавальніку цэнтра «Вясна» і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру.


Еўрапейская Беларусь: ці можа культура будаваць масты?

Падчас дэбатаў «Чаму культура — адказ на палітычны застой?» удзельнікі абмеркавалі месца беларускай культуры ў еўрапейскай прасторы, ролю культурніцкай дыпламатыі і магчымасці міжнароднай падтрымкі беларускіх культурніцкіх ініцыятываў. Асобная ўвага была нададзена пытанню, як культура дапамагае падтрымліваць дыялог паміж народамі нават тады, калі палітычныя адносіны перажываюць складаныя часы.

Прадстаўнік у нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што сёння беларуская культура сутыкаецца з масавай русіфікацыяй унутры краіны, недахопам рэсурсаў і абмежаванымі магчымасцямі для развіцця: «Беларускія творцы не могуць разлічваць на такую падтрымку нацыянальнай дзяржавы, якую маюць дзеячы культуры ў іншых краінах, таму асабліва важнай застаецца міжнародная падтрымка. Нам патрэбна больш магчымасцяў для ўдзелу беларусаў у еўрапейскім культурніцкім і навуковым жыцці, больш кантактаў паміж беларусамі ўнутры краіны і ў эміграцыі, а таксама больш супольных міжнародных праектаў. Для гэтага неабходная падтрымка не толькі з боку саміх культурніцкіх арганізацыяў, але і на дзяржаўным узроўні», — падкрэсліў ён.

Дакладчыца па Беларусі на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Еўропы Бэлінда Гатардзі заклікала глядзець на культуру шырэй за традыцыйнае разуменне мастацтва: «Культура выходзіць за рамкі, яе трэба ўспрымаць не толькі як мастацтва, а як культуру дэмакратыі, салідарнасці, як каштоўнасці».

Круглы стол «Культура не маўчыць. Поспехі беларускай культуры ў Еўропе» быў прысвечаны досведу беларускіх творцаў, якія здолелі заявіць пра сябе ў міжнароднай прасторы. Удзельнікі гаварылі пра тое, як беларуская культура гучыць у Еўропе сёння, якія гісторыі і сэнсы яна нясе і якім чынам супраца ўмацоўвае бачнасць Беларусі ў свеце.

Нягледзячы на значныя поспехі беларускіх творцаў у Еўропе і свеце, удзельнікі дыскусіі звярнулі ўвагу і на шэраг выклікаў. Кіраўнік Беларускага свабоднага тэатра Мікалай Халезін адзначыў, што галоўнай каштоўнасцю застаюцца не ўзнагароды і міжнароднае прызнанне, а сам творчы працэс і стварэнне твораў, здольных знаходзіць водгук у людзей.

Удзельнікі падкрэслілі, што культура павінна заставацца адным з прыярытэтаў у адвакацыйнай працы з еўрапейскімі інстытуцыямі і міжнароднымі партнёрамі, а адным з галоўных выклікаў для культурніцкай супольнасці застаецца недастатковае і нестабільнае фінансаванне.

Ад даследаванняў да рашэнняў: што адбываецца з беларускай культурай сёння

Асобны блок форуму быў прысвечаны прэзентацыям даследаванняў сучаснага стану беларускай культуры і мовы. Эксперты прадставілі асноўныя тэндэнцыі, выклікі і магчымасці развіцця сферы беларускай культуры ва ўмовах эміграцыі, палітычнага крызісу і трансфармацыі грамадства. Дыскусія таксама закранула пытанні падтрымкі незалежных ініцыятываў і доўгатэрміновых стратэгій захавання культурнай спадчыны.

Чальцы Беларускай рады культуры прадставілі вынікі даследавання, прысвечанага стану беларускай культуры і знішчэнню нацыянальнай памяці. Дырэктарка па развіцці Беларускай рады культуры Эліна Калнібалоцкая падкрэсліла, што культура сёння з’яўляецца не толькі сферай творчасці, але і важным фактарам бяспекі: у сучасных умовах яна можа выкарыстоўвацца як інструмент гібрыднага ўздзеяння, але адначасова служыць шчытом супраць яго. Асобную ўвагу спікерка звярнула на неабходнасць таго, каб даследаванні і рэкамендацыі ў галіне культуры ператвараліся ў канкрэтныя рашэнні і дзеянні з боку еўрапейскіх інстытуцый і дзяржаўных партнёраў.

Адным з прадстаўленых даследаванняў стаў рапарт Цэнтра Мерашэўскага пра беларускую культуру ў Польшчы. Яго аўтары склалі мапу беларускіх культурніцкіх дзеячоў, ініцыятываў ды арганізацый, што дзеяць у Польшчы. Намесніца дырэктара Цэнтра Мерашэўскага Паўліна Бараноўска адзначыла, што беларуская культура ў Польшчы пераходзіць ад этапу вострай палітычнай рэакцыі і выжывання да прыстасавання і інтэграцыі ды з польскага пункту гледжання мае вялікі крэатыўны патэнцыял.

Падчас заключнага круглага стала ўдзельнікі абмеркавалі праблему недастатковай бачнасці Беларусі ў міжнароднай палітыцы, медыя і акадэмічнай прасторы. Размова ішла пра тое, як захаваць увагу да Беларусі ва ўмовах іншых глабальных крызісаў, якія наратывы могуць быць найбольш эфектыўнымі для еўрапейскай аўдыторыі і якую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае культура.

Намеснік Прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка падкрэсліў, што беларуская супольнасць за мяжой сёння з’яўляецца важным удзельнікам грамадскіх, культурніцкіх і эканамічных працэсаў у краінах пражывання. Паводле яго слоў, беларусы не толькі развіваюць культурніцкія ініцыятывы і падтрымліваюць дэмакратычныя каштоўнасці, але і ўносяць істотны ўклад у эканоміку праз сваю працу, прадпрымальніцкую дзейнасць і падаткі. Таму размова павінна ісці не аб просьбах аб дапамозе, а пра заслужаную падтрымку з боку еўрапейскіх партнёраў як супольнасці, якая ўжо даказала сваю значнасць і мае права разлічваць на салідарнасць і падтрымку ў сваім развіцці.

Культура як прастора дыялогу

Завяршэннем форуму стаў перформанс Clap & Slap з удзелам беларускага актора Ігара Шугалеева і літоўскай акторкі Агнетэ Лісічкінайтэ, прысвечаны беларуска-літоўскім адносінам пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны. Праз мастацтва ўдзельнікі форуму працягнулі размову пра памяць, адказнасць, супольны досвед і магчымасці ўзаемаразумення паміж народамі.

Другі Касцюшкаўскі форум у Гданьску таксама на сімвалічным узроўні падкрэсліў важнасць культуры і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці для таго, каб забяспечваць бяспеку Беларусі, будаваць міжнародныя сувязі і рыхтаваць падмурак для будучай дэмакратычнай краіны.

Фота: Сяргей Пеляса, Белсат