Ірэна Кацяловіч пра беларускую культуру ў апошнія 5 гадоў

Адказная за напрамак культуры ў Прадстаўніцтве Ірэна Кацяловіч, падзялілася, якія высновы, на яе погляд, з’яўляюцца галоўнымі здабыткамі ў культуры ў апошнія 5 гадоў.

1. Культура – інтарэс кожнага з нас

Калі і шукаць плюсы ў грамадска-палітычным крызісе, які мы з вамі заспяваем, то вось адзін з іх: у апошнія гады яшчэ больш відавочным зрабілася тое, што культура – не забаўляльны падвал на старонцы медыя, а фактар выжывання нацыі. Так, яна не менш істотная, чым эканамічнае становішча, палітычны строй і дзяржаўныя межы. 

Імаверна нават, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, у якіх мы захоўваем і перадаем сваю ідэнтычнасць, у наканаваных нам катастрофах будуць мець большае значэнне, бо дазволяць нацыі ператрываць і захавацца так ці інакш.

2. У беларускай культуры мы шмат чаго недаглядзелі, незнарок

Легкадумна мы паставіліся да нашага мінулага – быццам бы неяк пройдзе, неяк астыне, зарасце, супакоіцца. Па выніку патэрны і практыкі рознай крывавасці савецкіх часоў, якія мы не далі рады адрэфлексаваць і рэфлексіі тыя рэалізаваць у шырокапрынятым каноне, надзвычай хутка да нас вярнуліся. Інтэлігенцыя незалежнай Беларусі часта была вымушана дзейнічаць не дзякуючы, а насуперак, ды і, гледзячы па ўсім, не да культуры нам было ўвесь гэты час, шакаваным сваёй незалежнасцю. 

У выніку тэма савецкай трагедыі, на жаль, застаецца маргінальнай у беларускім мастацтве, найдакладнейшае кіно пра Чарнобыльскую катастрофу робіць HBO, а публічныя асобы ўжо дэкларуюць, што стаміліся ад твораў пра 2020 год (а іх можна літаральна пералічыць на пальцах).

3. Сіла – у культурніцкім абмене, шматвектарным

Я паходжу з маленькага мястэчка, дзе ёсць касцёл, царква, стараверская маленная, раней таксама былі сінагога і мячэць. Яно – не выключэнне з правілаў, а правіла: суіснаванне культур здаўна натуральнае для Беларусі. Зрэшты, калі паглядзець на школьныя праграмы ды афішы ў краіне, асабліва ў апошнія пяць гадоў, гэтую каштоўнасць мы занядбалі і сфакусавалі ўвагу на расейскай культуры. 

Маштабная эміграцыя тым часам стварыла ўмовы для шматлікіх калабарацый і прадуктыўнага ўзаемнага ўплыву досведаў і мастацкіх практык, і мы атрымалі магчымасць успомніць, які цікавы, разнастайны і багаты свет і як крута яму адкрывацца.

4. Цень Расеі затрымлівае нас у развіцці

Колькі няздзейсненага беларусацэнтрычнага мастацтва, колькі не сказаных па-беларуску слоў, колькі старонак са скажонай гісторыяй на карысць Расеі, колькі выкрэсленага і папраўленага цэнзурай Масквы, колькі беларускага замешчана расейскім. 

Пратэсты 2020 года ды поўнамаштабная вайна ва Украіне многіх прымусілі паспрабаваць уявіць маштаб шкоды, і думаць пра маштаб няздзейсненага аказалася досыць дыскамфортна.

5. Нашая культура – унікальная і цікавая свету

У культуры мы не толькі захоўваем сваю ідэнтычнасць – ёй мы таксама ўзбагачаем свет. Час канчаткова забыць навязаныя стэрэатыпы пра местачковасць ды чарку і шкварку. У актуальным міжнародным кантэксце мы адгукаемся хаця б тэмамі дэкаланіялізму і захавання ідэнтычнасці ў «цені імперыі», негвалтоўнай барацьбы за правы чалавека і дэмакратыю (так-так, у шкарпэтках на лавачку – гэта таксама культура), пераадолення траўмаў мінулага, мастацтва як інструменту супраціву і выжывання нацыі. Наш досвед унікальны і ўнікальнасць яго трэба ўсведамляць, увасабляць і прадаваць.