Дэкамунізацыю абмеркавалі на Кангрэсе беларускіх даследчыкаў

Каманда Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні ўзяла ўдзел у 12-м Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які аб’яднаў у Берліне экспертную беларускую супольнасць з усяго свету.

У межах кангрэса адбыўся круглы стол на тэму «Савецкая спадчына і яе культурны ўплыў: ці патрэбная комплексная дэкамунізацыя і дэкаланізацыя беларускай культуры і палітыкі памяці?». Мадэратарам дыскусіі выступіў Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.

Канцэптуальна дыскусія была скіраваная на асэнсаванне складаных і супярэчлівых аспектаў савецкай спадчыны ў сучасным беларускім кантэксце. Альтэрнатыўная назва круглага стала — «Культура адмены: кантраверсійныя пытанні спадчыны савецкага часу ў святле дэкамунізацыі. Ці трэба ставіць помнікі Машэраву і Мулявіну?» — адлюстроўвала спектр праблем, вынесеных на экспертнае абмеркаванне.

Акрамя таго, у межах Кангрэса Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні арганізавала панэльную дыскусію «Пост-праўда як выклік для крытычнага мыслення», прысвечаную праблемам маніпуляцыі інфармацыяй, дэзінфармацыі і ролі адукацыі ў фармаванні ўстойлівых навыкаў крытычнага аналізу.

Таксама быў праведзены другі круглы стол на тэму «Ці месца ў школе патрыятычнаму выхаванню?», у якім актыўны ўдзел узяў намеснік Прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях навукі і адукацыі Андрэй Лаўрухін. Падчас дыскусіі абмяркоўваліся сучасныя падыходы да патрыятычнага выхавання, яго змест, формы і межы ў дэмакратычнай адукацыйнай сістэме.

Ініцыятывы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні ў межах кангрэса беларускіх даследчыкаў меркаваліся як унёсак у міжнародны экспертны дыялог пра дэкамунізацыю, дэкаланізацыю і ролю адукацыі ў фармаванні сучаснай беларускай ідэнтычнасці.