Павел Баркоўскі лічыць, што Ноч расстраляных паэтаў — найбольш сімвалічная памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях унутранай турмы НКУС у Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод іх — 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Гэтая трагічная дата вядомая як Ноч расстраляных паэтаў.
«Сталінскі тэрор знішчаў не толькі беларускіх паэтаў або прадстаўнікоў культуры. На ягоным сумленні — мільёны знішчаных прадстаўнікоў інтэлігенцыі, працоўных, служачых і сялян. Мільёны зламаных лёсаў, разарваных сем’яў, — кажа Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні. — Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных ацэнак, злачынствы сталінскага рэжыму супастаўныя з гітлераўскімі — як па маштабах, так і па колькасці пацярпелых. І вельмі кепска, што Беларусь дасюль не правяла працэсу комплекснай ацэнкі і асуджэння злачынстваў камуністычнай эпохі супраць яе народа і асобных людзей».
Паводле Паўла Баркоўскага, знішчэнне культурных і навуковых эліт Беларусі застаецца адным з найгоршых злачынстваў сталінскіх часоў супраць нацыянальнай гісторыі і беларускага грамадства. Закатаваныя ў сталінскіх турмах і расстраляныя беларускія творцы і даследчыкі — гэта той моцны патэнцыял нацыі, які проста выразалі ў адначассе, шмат у чым заклаўшы наступную гісторыю русіфікацыі і каланізацыі краіны.
«На жаль, сёння каты Акрэсціна ці Воўчых ямаў амаль нічым не адрозніваюцца ад сваіх сталінскіх папярэднікаў: адсутнасць грамадскай рэфлексіі і пакаяння за тыя часы прыводзіць да паўтарэння злачынстваў мінулага ў дзень сённяшні. Наша задача — несці гэтую памяць і далучацца, па магчымасці, да мерапрыемстваў, якія праходзяць на Ноч расстраляных паэтаў у розных гарадах свету — апроч Беларусі, дзе гэта забаронена. Але і ў Беларусі можна ціха паставіць на стале свечку і прачытаць вершы загінулых у тую страшную ноч паэтаў — Алеся Дудара, Міхася Чарота, Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова ці Ізі Харыка. Гэта хвіліна вашага грамадзянскага подзвігу і супраціву», — лічыць Баркоўскі.