Пра што медыя пішуць больш — пра культуру ці пра Лукашэнку?

Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурна-гістарычны кантэнт найбуйнейшых беларускіх тэлеграм-каналаў дзяржаўных і незалежных СМІ за перыяд 18–25 лістапада.

Параўноўваліся два паказчыкі: колькасць згадванняў прозвішча «Лукашэнка» і колькасць публікацый пра беларускую культуру і гісторыю (у пазітыўным, інфарматыўным, адукацыйным або даследчым кантэксце).

Мы адбіралі пасты без ідэалагічнага налёту і без уліку міжнародных навін па тэме. Вынікі атрымаліся даволі красамоўныя.

Зеркало @zerlako_io

Абсалютны рэкардсмен па клікбэйце з Лукашэнкам сярод прааналізаваных незалежных медыя. Нагоды з’яўляюцца нават там, дзе выказванні палітыка не маюць грамадскага значэння. Культурны кантэнт пераважна рэпрэсіўны: пра чарговыя затрыманні, суды, ціск на дзеячаў культуры. Унікальных пазітыўных матэрыялаў пра культуру за тыдзень не было.

Наша Ніва @nashaniva

Таксама нямала клікбэйту пра выказванні Лукашэнкі. Разам з тым — адна з найбольш актыўных пляцовак па гістарычнай тэматыцы. Можна знайсці навіны і пра спадчыну, і пра сучасныя культурныя праекты, значная частка культурных пастоў — пра супраціў навязванню расейска-савецкай культуры. Асноўны кантэнт — перадрукі з іншых крыніц.

Белсат @belsat

Адзінкавая колькасць згадванняў Лукашэнкі і нават асобны выпуск пра тое, ці варта цытаваць яго наогул. Затое па культуры — упэўнены лідар. Самы насычаны тэлевізійны і тэкставы кантэнт сярод усіх прааналізаваных СМІ. І што важна — уласная вытворчасць, арыгінальныя тэксты і сюжэты.

Reform @reformby

Шмат навін у цэлым — натуральна, згадкі Лукашэнкі таксама з’яўляюцца часта. Навін пра Лукашэнку і культуру амаль пароўну. Культурна-гістарычныя пасты пераважна інфармацыйныя: пра падзеі, адкрыцці, мерапрыемствы, даследаванні.

Nexta @nexta_tv

Агулам малаактыўны канал. За тыдзень не было ніводнай культурнай навіны, але былі чатыры пасты, дзе згадваецца Лукашэнка.

Дзяржаўныя СМІ

Можна падводзіць вынік адным сказам: кожнае дзеянне Лукашэнкі — навіна. Культурныя і гістарычныя навіны часцей ідэалагізаваныя, таму не траплялі ў падлік.

У кожным з тг-каналаў (СБ, АТН, БелТА) за тыдзень Лукашэнку згадвалі больш як 50 разоў. Культура была прадстаўленая ў выглядзе дзяржкампаній, сюжэтаў пра «генацыд беларускага народа», ідэалагізаваных праектаў і ўласнага забаўляльнага кантэнту (русіфікаванага). Жывой і сапраўднай беларускай культуры амаль не назіралася.

Што ўсё гэта азначае? Дзяржаўныя СМІ жывуць у рэжыме абавязковай прысутнасці Лукашэнкі. Таму ён ператвараецца ў цэнтр усяго інфармацыйнага поля, а культура — у нагоду для ідэалагічнай апрацоўкі мазгоў.

Незалежныя СМІ значна больш збалансаваныя, але нават сярод іх ёсць перакосы. «Зеркало» і «Наша Ніва» падкормліваюць увагу аўдыторыі да Лукашэнкі праз клікбэйтныя загалоўкі незалежна ад таго, ці ўплывае сказанае гэтым персанажам на дзяржпалітыку Беларусі або не. «Белсат» і Reform паказваюць, што можна рабіць навіны інакш, насычаючы інфармацыйнае поле культурнымі сэнсамі.

Калі б палітычная фігура не дамінавала ў медыйным полі, незалежныя СМІ маглі б даваць значна больш матэрыялаў пра гісторыю, спадчыну і сучасную беларускую культуру. А вось дзяржаўныя СМІ без Лукашэнкі проста страцілі б апорную канструкцыю ўсёй сваёй «інфармпрацы».