Працоўная сустэча з амбасадарам Каралеўства Нідэрланды

Пытанні моўнай і палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама падтрымкі беларускіх арганізацый адукацыі і культуры ў Беларусі і за мяжой былі ўзнятыя на сустрэчы ў амбасадзе Каралеўства Нідэрланды ў Польшчы.

Працоўная сустрэча прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні
Паўла Баркоўскага і яго намесніцы ў пытаннях культуры Ірэны Кацяловіч са спецыяльным пасланнікам па Беларусі, амбасадарам Каралеўства Нідэрланды ў Польшчы Енесам дэ Молам у прысутнасці старэйшага палітычнага дарадцы Войцэха Бародзіча адбылася 20 кастрычніка.

Беларускае пытанне разглядалася у больш шырокім кантэксце змагання нацый Усходняй Еўропы за ўласную самастойнасць, палітычную і культурную аўтаномію ў святле расійскай імперскай палітыкі і каланіялізму мясцовых элітаў.

Абмяркоўвалася і магчымая будучая моўная палітыка дэмакратычных сіл, актуальная неабходнасць узмацнення беларускай культуры перад пагрозамі пашырэння «рускага свету» і дамінавання прапаганды ў інфармацыйным полі.

«Нягледзячы на цяжкасці і асіметрычнасць высілкаў, якія прыкладаюць беларускія арганізацыі ў дыяспары і дома (пераважна падпольна) у супрацьстаянні знішчэнню нацыянальнай свядомасці і культурнага коду, менавіта падтрымка незалежнай беларускай адукацыі і культуры можа стаць ключом для захавання адметнасці беларускага народа і яго залучэння ў дэмакратычную еўрапейскую сям’ю ў будучыні», — адзначыў Павел Баркоўскі і падзякаваў каралеўству Нідэрландаў за доўгатэрміновую падтрымку барацьбы за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі.

Ірэна Кацяловіч падкрэсліла, што беларусы ўнутры краіны з’яўляюцца галоўнымі спажыўцамі многіх культурніцкіх і адукацыйных праектаў анлайн і дэманструюць пастаянную ўвагу да свабоднага выказвання, што ўзнікае за мяжой. Гэта, паводле яе меркавання, сведчыць пра запыт і захоўванне светапогляду і каштоўнасцяў, прадэманстраваных у 2020 годзе.

Да таго ж, як звярнула ўвагу Кацяловіч, многія творцы ўнутры Беларусі засталіся поўнасцю ці часткова без доступу да прафесійнага жыцця альбо праз чысткі, альбо з уласных перакананняў. Гэта пазбаўляе беларускую культуру экспертызы і якаснага культурніцкага прадукту, менавіта таму вельмі важна зменшыць гэтыя страты.

На думку Ірэны Кацяловіч, менавіта тое, што культывуецца на тэрыторыі Беларусі, будзе галоўнай крыніцай вольнага духа, калі палітычная сітуацыя зменіцца.

Бакі прадэманстравалі гатоўнасць да далейшага дыялогу.