Працягваюцца кансультацыі з міністэрствамі Польшчы

У Варшаве 13 кастрычніка прайшла працоўная сустрэча Аб’яднагага Пераходнага Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі міністэрстваў і інстытуцый Польшчы.

Супрацоўнікі польскіх міністэрстваў і ведамстваў былі праінфармаваныя аб праблемах жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары ў Польшчы. На падзеі абмяркоўваліся сацыяльнае забеспячэнне, адукацыя, маладзёвая і візавая палітыка, адкрыццё банкаўскіх рахункаў, культура і навука, пытанні абароны і правоў беларусаў у трэціх краінах.

На пасяджэнні старшынствавалі ўпаўнаважаны прадстаўнік міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Адам Халацінскі і намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Ад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ўдзельнічалі прадстаўнік па міжнародным супрацоўніцтве Уладзімір Астапенка, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская, прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Арцём Праскаловіч, юрыст прадстаўніцтва па транзіце ўлады Міхаіл Кірылюк. З боку Офіса Святланы Ціханоўскай да падзеі далучыліся дарадца па справах міжнароднай палітыкі Дзяніс Кучынскі і дарадца па юрыдычных пытаннях Леанід Марозаў.

Бакі дамовіліся аб працягу кансультацый.