Дэлегацыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па запрашэнні ўкраінскага боку ўзяла ўдзел у Форуме імя Астрожскіх — штогадовай дыялогавай пляцоўцы паміж беларускімі і ўкраінскімі палітыкамі, грамадскімі актывістамі, бізнесменамі, навукоўцамі і даследчыкамі. У мерапремстве, якое праходзіла 11-15 лістапада, паўдзельнічалі прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі і яго намесніца ў пытаннях культуры Ірэна Кацяловіч.
На форуме абмеркавалі шырокі спектр тэм: супольныя наратывы гістарычнай памяці і стварэнне сумесных камісій па «дэмаркацыі» гісторыі, дэкаланізацыю савецкай і імперскай спадчыны, культурныя стасункі, медыяпалітыку, эканамічную супрацу, бяспеку, моладзевую палітыку, а таксама наладжванне кантактаў на палітычным і грамадскім узроўнях. Удзельнікі мелі магчымасць задаваць вострыя пытанні і прапаноўваць канкрэтныя рашэнні.
«Нягледзячы на чатыры гады інтэнсіўных кантактаў, беларуска-ўкраінскія адносіны ўсё яшчэ патрабуюць сур’ёзнай працы. Відавочная асіметрыя інфармаванасці: украінскае грамадства часта карыстаецца стэрэатыпамі пра беларусаў, мала ведае пра барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі, гісторыю краіны і патрэбы яе дыяспары. Неабходны перагляд медыйнай палітыкі з абодвух бакоў, сістэмная культурная дыпламатыя і сумесныя адукацыйныя ініцыятывы, каб пазбавіцца ад „маскоўскіх акуляраў“ у ўспрыманні гісторыі і культуры адзін аднагоі», — адзначыў Павел Баркоўскі.
У працы форума з беларускага боку ўдзельнічалі намеснік кіраўніцы Кабінета, прадстаўнікі АПКБ па эканоміцы і фінансах, па абароне і нацыянальнай бяспецы, па нацыянальным адраджэнні, па сацыяльнай палітыцы, кіраўнік апарата. На форуме таксама былі прадстаўлены Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада, беларускі грамадскі сектар, беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны, бізнесоўцы, навукоўцы, даследчыкі, прадстаўнікі духавенства, СМІ.
Сёлета традыцыйны Форум Астрожскіх, арганізаваны для ўмацавання беларуска-ўкраінскага дыялогу, прайшоў у двух частках: экспертны форум у Львове і палітычна-аналітычная пляцоўка ў Кіеве. Паміж імі ўдзельнікі наведалі адноўлены ў 1994 годзе Нацыянальны ўніверсітэт «Астрожская акадэмія» — гістарычную ўстанову, заснаваную ў XVII стагоддзі як першую вышэйшую навучальную ўстанову Ўсходняй Еўропы.