Як навіны культуры транслююць прарасейскія наратывы ў медыя

Прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурныя публікацыі трох дзяржаўных СМІ, каб вызначыць ключавыя наратывы і ідэалагічныя акцэнты.

Мы прааналізавалі сайт выдання «СБ. Беларусь сегодня», навінавы партал Белтэлерадыёкампаніі (news. by) і сайт інфармагенцтва БелТА. Аналізаваўся перыяд з 8 па 14 снежня 2025 года.

У аналіз уключаліся ўсе публікацыі, размешчаныя ў раздзелах «Культура» на згаданых рэсурсах. Агульная колькасць прааналізаваных матэрыялаў — 79.

Матэрыялы ўмоўна падзяляліся на тры катэгорыі:

– нацыянальна арыентаваныя, якія прысвечаны беларускай культуры і напісаны без выразнага ідэалагічнага пасылу — напрыклад, навіны пра ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА неглюбскай тэкстыльнай традыцыі;

– прарасейскія, якія цалкам прысвечаны расейскім мерапрыемствам і/ці творам або маюць відавочны прарасейскі наратыў;

– прапагандысцкія без расейскага адцення.

Агульныя тэндэнцыі

Колькасная прысутнасць культурных матэрыялаў:

– 42 публікацыі на сайце «СБ. Беларусь сегодня»

– 20 публікацый на сайце news. by

– 17 публікацый на сайце БелТА

Пры гэтым на ўсіх трох рэсурсах культура разглядаецца не як самастойная сфера, а як дадатковы канал трансляцыі дзяржаўных і прарасейскіх наратываў. Незалежная культура, лакальныя ініцыятывы і неінстытуцыянальныя формы творчасці практычна не прадстаўленыя.

«СБ. Беларусь сегодня»

Усяго прааналізавана 42 публікацыі. З іх:

20 (47,6%) — прарасейскія;

14 (33,3%) — прапагандысцкія;

8 (19,1%) — нацыянальна арыентаваныя.

Асноўныя назіранні:

– высокая доля матэрыялаў, прысвечаных расійскім і савецкім культурным дзеячам, памятным датам і мерапрыемствам у межах «саюзнага» кантэксту;

– сістэматычнае выкарыстанне тэматыкі Другой сусветнай вайны як ключавога элемента культурнай памяці;

– рэгулярнае падкрэсліванне ролі і «заслуг» Аляксандра Лукашэнкі ў сферы культуры. Улічваючы падпарадкаванне выдання Адміністрацыі прэзідэнта, культурны кантэнт фактычна выконвае функцыю легітымізацыі ўлады і яе ідэалагічнага курсу.

news. by

Усяго прааналізавана 20 публікацый. З іх:

10 (50%) — яўна прапагандысцкія;

8 (40%) — прарасейскія;

2 (10%) — нейтральныя.

Асноўныя назіранні:

– сайт Белтэлерадыёкампаніі агулам мае нізкую долю матэрыялаў, прысвечаных культурным падзеям;

– дамінаванне кантэнту, звязанага з уласнымі тэлевізійнымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі, у прыватнасці шоу «Х-фактар» (перадача з удзелам расейскіх і праўладных «зорак»);

– уяўленне пра культуру як пра забаўляльны і ідэалагічна бяспечны прадукт, пазбаўлены крытычнага вымярэння.

БелТА

Усяго прааналізавана 17 публікацый. З іх:

7 (41,2%) — прарасейскія;

6 (35,3%) — прадзяржаўныя;

4 (23,5%) — нацыянальна арыентаваныя.

Асноўныя назіранні:

– абмежаваная колькасць культурных публікацый у параўнанні з палітычнымі матэрыяламі;

– адсутнасць незалежных культурных ініцыятыў і дамінаванне дзяржаўных устаноў і афіцыйных мерапрыемстваў у культурнай павестцы;

– культура ў падачы БелТА выступае выключна як інстытуцыяналізаваная і падкантрольная дзяржаве сфера.

 

***


Праведзены аналіз сведчыць, што дзяржаўныя СМІ сістэмна выкарыстоўваюць культурныя рубрыкі як інструменты ідэалагічнага ўздзеяння. Культура ў гэтых медыя пазбаўлена аўтаноміі, функцыянуе ў межах дзяржаўнай і «саюзнай» ідэалогіі, выкарыстоўваецца для нармалізацыі прарасейскіх і ідэалагізаваных наратываў. Такім чынам, культурны кантэнт выступае не альтэрнатывай палітычнай прапагандзе, а яе лагічным працягам у больш мяккай і менш заўважнай форме.