Запускаем грамадзянскую ініцыятыву «Сапраўдная гісторыя»

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запускае грамадзянскую ініцыятыву «Сапраўдная гісторыя» — пра сямейную і грамадскую адукацыю, што аднаўляе гістарычную памяць, крытычнае мысленне і пачуццё нацыянальнай годнасці. Падставай стала чарговая рэсаветызацыя ў школьнай адукацыі і новы падручнік, які вяртае да савецкай інтэрпрэтацыі мінулага.

«Калі школа становіцца інструментам прапаганды, адказнасць за праўдзівыя веды пра гісторыю кладзецца на бацькоў і грамадства», — падкрэслівае Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Баркоўскі.

Як далучыцца:

— пагаварыце з дзецьмі пра гісторыю Беларусі;

— пакажыце надзейныя крыніцы пра беларускую гісторыю і культуру;

— разам паглядзіце гістарычны відэаблог альбо паслухайце падкаст;

— пачытайце гістарычныя творы беларускіх аўтараў;

— распавядзице дзецям гісторыю вашай сям’і, намалюйце разам радавод;

— абмяркуйце ўбачанае і пачутае, зрабіце сямейную традыцыю захоўваць сваю гісторыю.

Што будзе ў нашым канале:

З 1 па 30 лістапада публікуем тэматычныя матэрыялы пра сапраўдную гісторыю Беларусі — карысныя і дарослым, і дзецям.

Далучайцеся і публікуйце свае прыклады ўдзелу з хэштэгамі:

#ВяртаемГісторыю

#ViartajemHistoryju

#СапраўднаяГісторыя

#SapraŭdnajaHistoryja

Мэта ініцыятывы — ўзмацніць гістарычную самасвядомасць і нацыянальную ідэнтычнасць, а таксама падкрэсліць, што веданне праўдзівай гісторыі — гэта аснова разумення сябе, культуры і будучыні краіны.